Алесь Разанаў і Віктар Маркавец – творцы, якія плённа супрацоўнічалі пачынаючы з 1992 года. Іх аўтарству належаць шэраг канцэптуальна-мастацкіх праектаў, якія былі скіраваныя на пошук новых формаў мастацкага выказвання. 14 і 15 снежня ў Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва былі прадстаўлены: праект “Яйкаквадраты” ў арт-прасторы “Талстога, 7” і работы з серый “ЗБАНАБЗ”, “Ісвы” і “Фунцыянальныя кантэксты” ў выставачнай зале на Белабародава, 5.

Работы Алеся Разанава і Віктара Маркаўца ў Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва

“Яйкаквадраты знайшлі мяне – я знайшоў Віктара Маркаўца.”

14 снежня ў арт-прасторы паэт Алесь Разанаў і мастацтвазнаўца Таццяна Гаранская распавядалі пра “Яйкаквадраты” – праект, які пабачыў свет у 1992 годзе. «Ніхто не стане спрачацца і адмаўляць, што, пішучы вершы, ён мае справу не толькі са словам, але і з візуальным вобразам, якія на нейкім скрыжаванні разыходзяцца, каб стаць толькі вершам і толькі карцінай. На гэты раз са “скрыжавання” я пайшоў услед за візуальным вобразам і выйшаў у “Яйкаквадраты”, — узгадваў аўтар.
“Яйкаквадраты” — гэта праект, які закранае тэалагічныя аспекты,  філасофскія і мастацкія. Праект, які канцэптуальна ўвасобіў ідэю сінтэзу філасофіі М. Хайдэггера і Ж.-П. Сартра, інтэрпрэтацыю тэорыі супрэматызму К. Малевіча, элементы хрысціянскай эстэтыкі і метафізікі.

Работы Алеся Разанава і Віктара Маркаўца ў Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва

Паэт Алесь Разанаў і мастацтвазнаўца Таццяна Гаранская.

Работы Алеся Разанава і Віктара Маркаўца ў Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва

Праект «Яйкаквадраты».

15 снежня, пасля творчай сустрэчы ў абласной бібліятэцы, у выставачнай залі на Белабародава, 5 Алесь Разанаў расказваў пра сутнасць прадстаўленых тут работ з серый “ЗБАНАБЗ”, “Ісвы” і “Фунцыянальныя кантэксты”.

“Усе могуць намаляваць збан, а ты паспрабуй намаляваць “ЗБАНАБЗ”

“ЗБАНАБЗ”  — гэта збан на­адва­рот, ад­ва­рот­ная сутнасць зба­на. Мала намаляваць відавочнае, паспрабуйце намаляваць невідавочнае, тое, што мае свой сэнс. А збан мае не толькі выгляд, ён нешта змяшчае. Змяшчае пэўную прастору, глыбіню, аб’ем, якія не маюць формы, але без гэтага збана не існуе. І гэта датычыцца не толькі збаноў. Можна браць іншыя вобразы, расшыфроўваць іх, надаваць ім сваё прачытанне, свой змест. Такім бачыць гэты праект аўтар.

Работы Алеся Разанава і Віктара Маркаўца ў Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва

Работы з праекта «ЗБАНАБЗ».

Работы Алеся Разанава і Віктара Маркаўца ў Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва

Алесь Разанаў.

“Функцыянальныя кантэксты” – гэта ўвасабленне праз сэнсавую, эмацыянальную і вобразную пабудову мастацкіх твораў старажытных прылад працы: піла, сякера, рыдлёўка, серп. “Функцыянальныя кантэксты” прадугледжваюць паказ вынікаў дзеянняў прылад працы, якія тым часам самі адсутнічаюць, іх не трэба маляваць.

Работы Алеся Разанава і Віктара Маркаўца ў Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва

Работы з праекта «Функцыянальныя кантэксты».

“Ісвы” – гэта экзістэнцыі (ад лац. exsistentia — існаванне). Мы адчуваем пачуцці, надаем ім назвы: туга, радасць, жах – і ўсе яны пры пэўным разглядзе набываюць канкрэтныя формы і вобразы.

Работы Алеся Разанава і Віктара Маркаўца ў Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва

Работы з праекта «Ісвы»

Выстава працягнецца да канца студзеня.
Адрас: вул. Белабародава, 5. Кошт: 0,80 – 1,5 руб.

Русский