У пачатку кастрычніка ў выставачнай зале Белабародава, 5 адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы «Кафедра дызайну. 50 гадоў». Кафедра дызайну і моды Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта @design.vstu ў 2025 годзе адзначае 50-годдзе — доўгі шлях, насычаны творчасцю, эксперыментам у прафесійным станаўленні маладых спецыялістаў.
У гонар юбілею кафедра прэзентуе дыпломныя праекты апошніх гадоў, якія прайшлі паспяховую абарону ў акадэмічным фармаце ў сценах вузаўскіх
аўдыторый. Цяпер і шырокая публіка можа пазнаёміцца з выніковымі працамі студэнтаў усіх спецыяльнасцей кафедры: дызайну касцюма і тэкстылю, графічнага і мультымедыядызайну, дызайну прадметна-прасторавага асяроддзя.
Куратарам выставы і таксама яе экспанентам выступае Васіль Васільеў — педагог, чыя дзейнасць у сценах ВНУ пачалася ў 1992 годзе, сябра Беларускага саюза мастакоў, аўтар шматлікіх твораў сучаснага мастацтва.
