5 мая 2023 года а 16 гадзіне ў Выставачнай зале (вул. Генерала Белабародава, 5) Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва адкрылася выстава твораў выпускнікоў і студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў “Графіка”.
Беларуская школа графікі – адна з наймацнейшых у Еўропе. Яе «калыскай», безумоўна, з’яўляецца Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў. Менавіта тут, на кафедры графікі, сфарміраваліся лепшыя традыцыі нацыянальнай школы, на працягу многіх гадоў удасканальвалася майстэрства прадстаўнікоў гэтага віду мастацтва.
На выставе прадстаўлены работы выпускнікоў і студэнтаў кафедры графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, якія выкананы за болей чым 20-гадовы перыяд яе існавання. Такім чынам, выстаўка дае магчымасць пазнаёміцца з разнастайнасцю графічных тэхнік праз работы сучасных беларускіх аўтараў розных пакаленняў. Акрамя дыпломных работ выпускнікоў розных гадоў, у экспазіцыі прадстаўлены творчыя пошукі студэнтаў розных курсаў.
Гэтую выставу можна назваць сапраўдным фестывалем тэхнік, тэхналогій, творчых манер і памкненняў. Сярод экспануемых работ прадстаўлены кампазіцыі ў такіх тэхніках, як афорт і яго разнавіднасці (мецца-тынта, акватынта, сухая іголка), літаграфія, аўталітаграфія, лінарыт, гравюра на кардоне, калаграфія. Тут можна ўбачыць падкрэслена акадэмічнае выкарыстанне класічных тэхнік графікі і разнастайныя «сляды» аўтарскіх пошукаў.
Высокай ступенню майстэрства адзначаны афорты такіх мастакоў, як Валерый Славук, Валерыя Жылінская, Глеб Сідарэнка, Максім Тырлецкі, Анжэла Малышава, Любоў Абрамава, Адарка Петрусевіч, Сафія Дзічэнкава. Адмысловае месца ў экспазіцыі займаюць працы, выкананыя ў тэхніцы літаграфіі (творы Кацярыны Бяляўскай, Фёдара Шурмялёва, Дар’і Бурло, Кацярыны Майлычкі і інш). Арыгінальнасць пластычнай мовы характарызуе лінагравюры Кірыла Задворнага, Паліны Барушкі, Сяргея Сіліча, Анастасіі Шведавай, Марыі Бялевіч.
Сёння аўтары работ, што прадстаўлены на дадзенай выставе, – гэта і ўжо добра вядомыя мастакі, «мэтры» беларускай графікі, і маладыя творцы. За час свайго існавання кафедра падрыхтавала каля 300 мастакоў станковай і кніжнай графікі, якія з поспехам працуюць у станковай і кніжнай графіцы, іншых відах выяўленчага мастацтва. Многія выпускнікі кафедры працуюць у вышэйшых і сярэдніх навучальных установах сферы культуры і мастацтва ў Беларусі і за яе межамі.

Выстава будзе працаваць да 12 чэрвеня 2023 года.

“Графіка”. Акадэмія мастацтваў

 

Русский