12 мая 2022 года ў Музеі гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча была адкрыта выстава па выніках Рэспубліканскага мастацкага праекта “Графіка года – 21”. У экспазіцыі прадстаўлены лепшыя графічныя творы 2021 года. Куратар праекта – Андрэй Басалыга.

Праект “Графіка года” распачаўся ў 2017 годзе як выстава-конкурс секцыі графікі Беларускага саюза мастакоў.
Праект накіраваны на папулярызацыю і развіццё графічнага мастацтва не толькі ў беларускай культурнай прасторы, але і на міжнародным узроўні. Праект збірае і дэманструе ўсё лепшае, што было створана за мінулы год. Малюнак, акварэль, лінагравюра, літаграфія, новыя магчымасці лічбавых тэхналогій – увесь дыяпазон творчых падыходаў і тэхнічных эксперыментаў у галіне арыгінальнай і друкаванай графікі можна ўбачыць на новай выставе “Графіка года – 21”. ГРАФІКА ГОДА – 21
Беларуская школа графікі вядома далёка за межамі нашай краіны дзякуючы высокаму прафесіяналізму майстроў графічнага мастацтва, з якімі будзе цікава пазнаёміцца як шчырым аматарам, так і прафесійным калекцыянерам.
У 2021 годзе на конкурс было пададзена больш за 140 заявак, звыш 350 работ. Для ўдзелу ў выставе “Графіка года – 21” былі адабраныя 180 работ больш за 70 аўтараў.
У экспазіцыі можна ўбачыць працы рознай стылістычнай скіраванасці, шматлікія варыяцыі разнастайнага тэхнічнага выканання. Усіх аўтараў аб’ядноўвае глыбіня творчага пошуку, арыгінальнасць вобразных знаходак і яркая індывідуальнасць.
На выставе ў Музеі гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча прадстаўлена больш за 70 прац 32 аўтараў. У экспазіцыі можна ўбачыць творы пераможцаў у намінацыі “Друкаваная графіка” Марыі Сыракваш (1-е месца), Марыі Кашалёвай-Ліхоты (2-е месца), Ганны Мельнікавай (3-е месца), у намінацыі “Арыгінальная графіка” Андрэя Басалыгі (1-е месца) і Вольгі Пагарэлавай (3-е месца). Экспануюцца таксама работы Кацярыны Коўзусь і Вольгі Жэбінай, якія атрымалі спецыяльную ўзнагароду ад куратара праекта.

Русский