16 лістапада 2022 г. а 16 гадзіне ў Выставачнай зале (вул. Генерала Белабародава, 5) Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва адкрылася рэтраспектыўная выстава твораў беларускага мастака Мікалая Таранды “Слухаючы прастору”, прымеркаваная да 75-годдзя з дня нараджэння майстра. На выставе прадэманстраваны болей за 100 жывапісных работ розных жанраў, выкананых больш як за 50-гадовы перыяд творчай дзейнасці. Многія творы будуць паказаны ўпершыню.
Мастак поліфанічны, які выступіў у творчасці ў некалькіх іпастасях: як скульптар, графік і жывапісец, як аўтар класічнага жанравага рэпертуару, Мікалай Таранда ўвайшоў у гісторыю беларускага мастацтва перш за ўсё як пейзажыст. Усё сваё жыццё ён піша адзін раман – пра родную прыроду і зямлю: пра тое, як палаюць макі і залацяцца сланечнікі; як разыгрываецца на небе феерыя навальнічных аблокаў і ўстае ў блакітнай марознай смузе панарама вёскі з заснежанымі дахамі; як пяшчотна срэбрыцца царква на ўзгорку і гуляе вясновае сонца ў квітнеючых садах. Спадчына мастака налічвае больш за 500 пейзажных работ. Рамантычныя і драматычныя, восеньскія і вясновыя, рэалістычныя і экспрэсіўныя, “чыстыя” і тыя, што прадстаўляюць чалавека ў адзінстве прыроды і штодзённых клопатаў, гарадскія і вясковыя, старанна распрацаваныя і пейзажы-сімвалы. І ў гэтым сэнсе мастака можна смела назваць “энцыклапедыстам” пейзажнага жанру, які стаў яго прыхільнасцю і прызваннем.
Рэтраспектыўная выстава дае ўяўленне пра асноўныя вобразныя матывы і творчую эвалюцыю мастака, на ёй прадстаўлены раннія працы, партрэты блізкіх і практычна ўся іканаграфія жанру пейзажа – ад традыцыйна рэалістычных да пейзажаў-станаў, так званых “экспрэсій”, дзе прыродны матыў, напісаны па памяці, практычна пераходзіць у абстракцыю.
Выстава будзе працаваць да 29 студзеня 2023 г.

Юбілейная выстава Мікалая Таранды “Слухаючы прастору”

Русский