Выстава прадстаўляе гледачам работы самых розных сучасных мастацкіх практык вядомых і маладых беларускіх аўтараў з Мінска і ўсіх рэгіёнаў Беларусі. Звыш 80 мастакоў напоўнілі прастору галерэі эксперыментамі з формай, пластыкай, колерам і святлом. Гэта выяўленчае і прыкладное мастацтва, фатаграфія, арт-дызайн, інсталяцыі і асамбляжы.

Сёння мастацтва, адлюстроўваючы сучасную рэчаіснасць, аб’ядноўвае ў сабе магутны зарад схаваных сэнсаў – філасофскіх, сацыяльных, іранічных,  ірацыянальных… Нярэдка ідэя апераджае выкананне. Але часта мастакі знаходзяць залатую сярэдзіну для адлюстравання глыбокай і неардынарнай задумкі. І тады гледачы, якія ўжо прывыклі да “гульняў розуму”, маюць магчымасць атрымаць асалоду і ад інтэлектуальных загадак, і ад адмысловай рэалізацыі.

Выстава “Канцэпт. Выбранае” І Трыенале Беларускага саюза мастакоў разгортвае перад гледачамі панараму творчых пошукаў у сучасным беларускім выяўленчым мастацтве.

У экспазіцыі прадстаўлены як асобныя работы, так і цэльныя праекты аўтараў, удалыя прыклады скарыстання тэхнічных і эстэтычных навацый, гарманічнага спалучэння прынцыпова розных творчых накірункаў, канцэптуальнага змянення цэльных мастацкіх структур. Мы даём слова творчасці, якое адчувае сябе ўтульна па-за традыцыйнымі класічнымі рамкамі, стварае новыя формы і новыя сэнсы.

Выстава мае рэспубліканскі характар. Да ўдзелу былі запрошаны як прафесійныя мастакі і студэнты, так і ўсе жадаючыя, якія прайшлі папярэдні адбор Беларускага саюза мастакоў.“Канцэпт. Выбранае”. І Трыенале Беларускага саюза мастакоў

Кожная з работ прадстаўляе асобныя канцэпты, у якіх ёсць эксперыменты з формай, пластыкай, колерам, святлом, гульня з сэнсамі і зместамі. Гледача чакаюць метамарфозы, трансфармацыі, актуалізацыі, ператварэнні. Скульптура і кераміка набываюць рысы арт-аб’ектаў, жывапіс арганічна становіцца асамбляжам, а тэкстыльныя кампазіцыі – пластыкай мікс-медыя. Па вялікім рахунку, справа не ў выкарыстанні нетрадыцыйных матэрыялаў, а ў новым вобразным складніку, маштабе зробленага аб’екта, яго асацыятыўнасці і актуальнасці. Справа ў новай творчай ідэі. А выстава дэманструе вялікую колькасць такіх ідэй. Таму, несумненна, выстава для гледачоў і прафесіяналаў стане адлюстраваннем напрамку і дынамікі сучаснага культурнага працэсу.

Сярод удзельнікаў выставы шмат цікавых і знакавых аўтараў. У экспазіцыі можна пазнаёміцца з жывапісам Васіля Касцючэнкі, Анатоля Кузняцова, Аляксандра Забаўчыка, Сяргея Грыневіча (Гродна), Аляксандра Слепава, Валянціны Ляховіч (Віцебск), Ігара Кашкурэвіча, Марты Шматавай, Рыгора Іванова, Валерыя Песіна; графікай Алеся Фалея (Баранавічы), Веры Каўзановіч, скульптурай Дзяніса Кандрацьева, Паўла Куніцкага, Аляксандра Сакалова.  Прадстаўлены фотапраекты Ганны Мельнікавай, Віктара Сянькова, Юліі Кукушкінай, арт-аб’екты Ігара Саўчанкі, Кацярыны Сумаравай, Міхаіла Шыкава, Ірыны Кузняцовай і іншых.

Наталля Шаранговіч, арт-крытык, куратар праекта

 

Русский