28 сакавіка ў арт-прасторы «Талстога, 7» пачынаецца праца выставы графікі Кацярыны Мяснікавай «Кветкі з нябёсаў».

"Кветкі з нябёсаў". Выстава графікі Кацярыны МясніковайКацярына Мяснікова (1981–2023)

1999 – 2004 – мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава (дыпломны праект на кафедры гісторыі і тэорыі мастацтва, тэма: «Гісторыя стварэння Полацкай мастацкай галерэі. Сучасная экспазіцыйная структура», кіраўнік С. Н. Лазарэнка, Віцебск, Беларусь)
2005 – 2007 г. – ФППК «Рэкламная інфармацыя і PR» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў (Мінск, Беларусь)
2015 – 2016 – Міжнародная акадэмія пасля-дыпломнай адукацыі «Нясвіжская акадэмия» па курсе «Ахова культурнага ландшафту» (Мінск – Варшава).
2018 – 2020 – магістратура па спецыяльнасці «Мастацтвазнаўства» ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. М. Машэрава, навуковы кіраўнік М. Л. Цыбульскі (Віцебск).
2014 – уступленне ў Беларускі саюз мастакоў.

Удзельнічала ў міжнародных і рэспубліканскіх выставах з 2005 года. Куратар шматлікіх маладзёжных пленэраў і мастацкіх праектаў.

Мала хто з мастакоў сучаснасці звяртаецца да тэхнікі пастэлі. Лёгкая, пяшчотная па сваіх якасцях, яна, здаецца, з’явілася і сышла разам з вытанчанай эпохай ракако. Кацярына Мяснікова свядома абрала для сябе менавіта пастэль. I непапулярная ў жорсткую эпоху постмадэрна пастэль загучала ў яе манументальнымі нотамі, узняла ў побытавых нацюрмортах і пейзажах роднай зямлі глабальныя праблемы. Бо праблема не ў тым, хто пераможа ў інфармацыйнай ці сапраўднай вайне, заробіць больш выгод, здзівіць праўдай ці прыдумае фэйк. Праўда ў тым, як мы пражываем памяць, як адчуваем любоў, як нясем у далонях каханне… каб не расплёскаць, каб данесці сучаснікам і будучыні.

Пастэлі Кацярыны – гэта захопленыя вокам мастака фрагменты палатна быцця. Старыя пацёртыя прыступкі, лясы храмавага прытвору, даўно не фарбаваны плот. У сваёй канцэнтраванай інфарматыўнасці гэтыя аб’екты становяцца сімваламі, сваеасаблівымі знакамі места, прыкметамі часу. Знак, як сродак найлепшай камунікацыі з падсвядомым гледача, яна падае лагодна і стрымана, па-жаноцку далікатна, і менавіта гэта дазваляе дагрукацца да сэрцаў гледачоў. Пакуль іншыя імкнуцца да экзатычных краявідаў і шукаюць завернутыя кампазіцыі, яна сціплыя беларускія пейзажы падымае да вышыні.

Сур’ёзны мастак і сур’ёзны даследчык, акрамя іншага, Кацярына яшчэ і таленавіты арганізатар пленэраў і куратар выставачных праектаў. Пленэры «У пошуках Атлантыды» яна праводзіла з 2005 па 2014 год. Яны збіралі маладых творцаў і прызнаных мастакоў разам, і гэтая спантанная школа дазволіла шмат каму з моладзі вызначыцца з уласным стылем і аўтарскім бачаннем.

А аўтарскае бачанне Кацярыны палягае ў тым, што, абраўшы творчасць асновай свайго жыцця, яна пражывае яго як акт захаплення, акт любові, кахання, можа нават нянавісці. Для яе ўсе перыпетыі жыцця ў мастацтве пераўвасабляюцца ў аформлены матэрыялізаваны выбар пачуццяў. Яна нараджае карціны, бо інакш немагчыма. Бо бласлаўленне і праклён мастака ў тым, што і са шчасця, і з трагедыі ён вымушаны ствараць мастацтва. I потым пранесці свае перажыванні людзям, падзяліцца, пачуць, аддаць сваю цеплыню.

Пяшчотна, у далонях, несучы цэлы сусвет.

Выстава Кацярыны Мясніковай «Кветкі з нябёсаў» ужо працуе, а яе афіцыйнае адкрыццё адбудзецца 4 красавіка а 16-й гадзіне.

Русский