7 снежня 2022 г. а 16 гадзіне ў Выставачнай зале (пр-т Фрунзэ, 11) Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва адбылося адкрыццё персанальнай выставы Сяргея Сурыновіча «Птушыны вянок».
Сяргей Сурыновіч нарадзіўся 13 красавіка 1976 года ў вёсцы Лугамавічы Іўеўскага раёну ў сям’і настаўнікаў. З 1993 года вучыўся ў Гарадзенскай духоўнай семінарыі, а з 1997 – у Пецярбургскай духоўнай семінарыі, якую паспяхова скончыў у 2000 годзе. Скончыў магістратуру, абараніў дысертацыю з галіны багаслоўя ў Латэранскім універсітэце ў Рыме. Высвечаны ў святары 11 лістапада 2001 года ў Санкт-Пецярбургу. Як святар служыў на Каўказе, Урале (г. Перм) і ў Калінінградзе. Пасля вяртання ў Беларусь служыў адміністратарам парафіі Святога Духа ў Віцебску, парафіі Божага Провіду ў Слабодцы Браслаўскага раёну. Цяпер служыць у касцёле Найсвяцейшай Тройцы і кляштары бернардынаў у Друі. С. Сурыновіч – ініцыятар шэрагу дабрачынных акцый, біблейскіх летнікаў, выступаў музыкаў і музычных калектываў у парафіях, якія ўзначальваў, мецэнат. Аўтар зборнікаў паэзіі «Летуценнік» (1999), «Пакліканне» (2000). Арганізатар Друйскага мастацкага пленэру, які штогод ладзіцца з 2016 году, і ў якім прыняло ўдзел больш за 150 мастакоў нашай краіны і замежжа.
Аўтар чатырох персанальных выстаў, якія адбыліся ў 2006-2007 гг. у Музеі горада Цільзіта, Музеі Крысціянаса Данэлайціса, Доме народнай творчасці ў Калінінградзе, Літаратурным музеі Віцебска.«Птушыны вянок» Сяргея Сурыновіча
Персанальная выстава айца Сяргея Сурыновіча «Птушыны вянок» з’яўляецца вынікам працы мастака-святара ў 2022 годзе. Экспанаваныя мастацкія працы (на выставе прадстаўлены 31 твор, выкананы ў тэхніцы алей на палатне) натхнёныя разважаннямі над тэмамі і праблематыкай, узнятымі ў энцыкліцы Папы Францішка «Laudato si’». Вобразы, прадстаўленыя на палотнах, ахопліваюць невялікую частку жывёльнага свету, засяроджваюць позірк гледача на выявах птушак, што сустракаюцца ў нашай краіне, многія з якіх унесены ў Чырвоную кнігу Беларусі, многім з якіх пагражае поўнае знішчэнне. Тэматыка выставы неназойліва і далікатна намякае гледачу, што, акрамя выяў крылатых жывых істот, у творах месціцца духоўны падтэкст і заклік да больш уважлівага і адказнага стаўлення, да беражлівага і клапатлівага шанавання створанага Богам свету.
Выстава будзе працаваць да 26 лютага 2023 г.

Русский