У выставачнай зале А.А. Салаўёва на Белабародава, 5 пачала працаваць выстава жывапісу Валянціны Ляховіч “Успаміны”.
Жыццёвы шлях мастака, які на сёння перасягнуў рубеж васьмідзесяцігоддзя, разгортваўся ў гарадской прасторы Віцебска, на жывапісным ўзбярэжжы Лучосы. Гэтыя ваколіцы, а таксама іх жыхары складаюць аснову вобразнага светабачання аўтара. Творчасць Вялянціны Ляховіч адзначана шматлікімі падзеямі, дасягненнямі і адкрыццямі. У творах, прадстаўленых на выставе яна шчыра дзеліцца сваім роздумам пра жыццё і яго здабыткі.
Валянціна Ляховіч у 1968 годзе скончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С. М. Кірава. З 1973 года — член Беларускага саюза мастакоў. Працавала на Віцебскім камбінаце мастацтваў. Выкладала на мастацка-графічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава.
Напачатку Валянціна Ляховіч працавала з акварэллю і ўвайшла ў яе гісторыю як выдатная партрэтыстка, а таксама як аўтарка серыі акварэльных твораў у манументальных фарматах — “фрэсак” і чарады папяровых вітражоў. Затым перашла да аўтарскіх тэхнік фігуратыўна-абстрактнага жывапісу, напоўненага экспрэсіяй і метафізічнымі вобразамі.
Актыўны ўдзельнік выстаў у розных гарадах Беларусі. Творы знаходзяцца у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага мастацтва Беларусі, Полацкай карціннай галерэі, Карціннай галерэі Г.Х. Вашчанкі, Магілеўскім мастацкім музеі імя П.У. Масленнікава, у Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, Музеі Марка Шагала ў Віцебску ды іншых зборах.
Выстава будзе працаваць па 12 красавіка ўключна.
