Напярэдадні Міжнароднага жаночага дня ў Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва (вул. Фрунзе, 11) пачала работаць «Вясновая выстава», на якой прадстаўлены работы вучняў дзіцячай мастацкай школы № 1 горада Віцебска.

У экспазіцыю, прысвечаную 8 Сакавіка, ўключана 20 работ. У асноўным гэта кветкавыя нацюрморты і дэкаратыўныя кампазіцыі. Большая частка з іх выканана ў тэхніцы акварэлі і гуашы.

Дзіцячая мастацкая школа № 1 была заснавана ў 1979 годзе з мэтай замацавання і развіцця традыцый Віцебскай мастацкай школы. Падмурак у стварэнне структуры школы ў Віцебску заклала Людміла Прэснякова.

У час свайго заснавання дзіцячая мастацкая школа з’яўлялася першай у рэспубліцы, дзе былі адкрыты аддзяленні станковага жывапісу, графікі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, скульптуры і дызайну. З пачатку працы школа ўзяла курс на прафесійнае навучанне.“Вясновая выстава” вучняў дзіцячай мастацкай школы № 1 Віцебска

  • За першыя чатыры гады ў школе быў сфарміраваны калектыў аднадумцаў. Школа набыла папулярнасць у гарадскім культурным асяроддзі. Творчыя дасягненні дэманстраваліся на справаздачных выставах у выставачных залах горада.
  • 1-я выстава адбылася ў 1980 годзе ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі.
  • Зараз у школе больш за 400 навучэнцаў. Заняткі праходзяць пад кіраўніцтвам 23 выкладчыкаў, якія маюць вышэйшую спецыяльную адукацыю. Частка педагогаў з’яўляюцца членамі Саюза мастакоў і Саюза дызайнераў Рэспублікі Беларусь.
  • За 39 гадоў працы больш за 1700 вучняў атрымалі пасведчанні аб пачатковай мастацкай адукацыі. Больш за 1150 выпускнікоў працягнулі навучанне ў прэстыжных мастацкіх ВНУ Беларусі і Расіі. Сярод іх – Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, Маскоўскі дзяржаўны мастацкі інстытут імя Сурыкава, Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны акадэмічны інстытут імя Рэпіна і навучальныя ўстановы Германіі, Чэхіі, Грэцыі, Францыі, Літвы, Польшчы і Італіі.
  • Школа супрацоўнічае з дабрачынным фондам “Чарніна – дзецям Чарнобыля” і дзіцячай карціннай галерэяй у Амстэрдаме (Нідэрланды). З 1993 года група навучэнцаў ДМШ №1 рэгулярна выязджае з выставамі сваіх творчых работ у горад Ферль (Германія). Юныя мастакі таксама бралі ўдзел у роспісе прадстаўнічага стэнда на Міжнароднай выставе «TUR-2007» у Гётэбаргу /Швецыя/.
  • 17 вучняў Віцебскай дзіцячай мастацкай школы № 1 сталі стыпендыятамі, 9 навучэнцаў адзначаны прэміямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
  • З 1992 года ДМШ № 1 месціцца па адрасе вул. Суворава, 3 у будынку, дзе з 1923 па 1941 год знаходзіўся Віцебскі мастацкі тэхнікум, у якім вучыліся Заір Азгур, Андрэй Бембель, Сяргей Селіханаў, Васіль Быкаў, Уладзімір Кароль і многія іншыя вядомыя мастакі старэйшага пакалення.

 

Русский