Выстава Маргарыты Шчамялёвай “Лічбы” прадстаўляе творчую дынастыю сям’і Шчамялёвых. Выстава “ЛІЧБЫ” – гэта спроба мастака адрэфлексаваць адначасовую страту трох блізкіх людзей, пражыць гэты цяжкі час, зафіксаваць моманты болю, радасці ад добрых успамінаў, страху перад жыццём без іх і ўсведамленне таго, што трэба ісці далей нягледзячы на ўсё – працягваць свой шлях. Кожная праца – эмацыянальны дзённік стану і шчырая падзяка самой сабе.

«Так ці інакш, але ўсё круціцца вакол лічбаў: 1952, 2021, 70 – дзень народзінаў, страт, юбілей. Час заўсёды ідзе наперад, стрэлкі на гадзінніку не спыняюцца, планета круціцца, але памяць часта заводзіць у мінулае і застацца ў цяперашнім моманце, тут і зараз, бывае складана», – разважае мастачка.Выстава аўтарскага тэкстылю “Лічбы”
Ручное ткацтва – цяжкі медыум у фізічным сэнсе: канцэнтрацыя, шмат гадзін сыходзіць на тэхнічную працу, рукі так ці інакш пачынаюць стамляцца. Але ўсё гэта – сімбіёз фізічнага і духоўнага, які прыводзіць да катарсісу, пасля якога становіцца лягчэй і сэрца напаўняецца падзякай і любоўю да сябе і ўсяго вакол.
Эстэтычныя прыхільнасці Маргарыты Шчамялёвай склаліся шмат у чым пад уплывам яе выкладчыкаў – беларускага мастацтвазнаўцы і этнографа Міхася Раманюка, народнага мастака Беларусі Аляксандра Кішчанкі, які сябраваў з яе бацькам, народным мастаком Беларусі Леанідам Шчамялёвым, дарэчы, ураджэнцам Віцебска, 100-годдзе з дня нараджэння якога адзначаецца ў 2023 годзе.
Шмат гадоў мастачка працуе ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў дацэнтам кафедры касцюма і тэкстылю. Займаецца мастацкім ткацтвам, працуе ва ўнікальнай і складанай тэхніцы ручнога перапляцення нітак на спецыяльнай драўлянай раме. За гады творчасці Маргарыта Леанідаўна стварыла дзясяткі яркіх, арыгінальных работ. Творам Маргарыты Шчамялёвай ўласціва асацыятыўная пабудова вобразаў паводле пэўных з’яў і падзей. Мастачка шмат эксперыментуе з формай, колерам, фактурай, выкарыстоўвае розныя матэрыялы.
На выставе аўтарскага тэкстылю “ЛІЧБЫ” прадстаўлена каля 20 работ аўтара.

Русский