Ада́жыа (Adagio)… Для Аляксандра Карпана гэта была не толькі адна з самых любімых мелодый у выкананні Лары Фабіан, але, напэўна, тэмпаральнасць усяго яго жыцця і творчасці. У павольным, спакойным рытме мастак больш за ўсё цаніў гармонію і стрыманасць, а ў выяўленчым мастацтве і музыцы вельмі трапяткова ставіўся да характара інтанацыі і меладычнага малюнка. Музыка была арганічнай часткай творчай натуры Аляксандра Карпана. Магчыма таму кожная яго акварэль успрымаецца як музычная фраза. Як маленькае “adagio”. Без перабольшвання, Аляксандра Карпана можна было б назваць выдатным меладыстам, у шырокім сэнсе гэтага слова. Не пазбаўленыя сентыментальнасці і пачуцёвасці, пяшчотнасці і лірызма акварэлі мастака ўражваюць высокім прафесіяналізмам, паліфанічнымі пластычнымі варыяцыямі, шырокім дыяпазонам мадуляцый колеру і ў целым, нейкай патаемнай меладычнай энэргіяй.
Аляксандр Карпан нарадзіўся 6 лістапада 1953 года ў г. Стараканстанцінаў ва Украіне. У 1979 годзе скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута імя С.М. Кірава, дзе вучыўся ў выдатных майстроў графікі і акварэлі – І.М. Сталярова і А.І. Мемуса.
З 1979 па 2014 гг. Аляксандр Карпан выкладаў малюнак, жывапіс і кампазіцыю на мастацка-графічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава. Ён быў адным з самых паважаных педагогаў па мастацтву, сапраўдным прафесіяналам сваёй справы. З 1991 года з’яўляўся сябрам Беларускага саюза мастакоў. Вялікую ролю ў творчасці А. Карпана, па яго прызнанні, мелі стажыроўкі ў Маскоўскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя У.І. Леніна ў К.М. Максімава і М.М. Растоўцава. А таксама ў Акадэміі мастацтваў Санкт-Пецярбурга ў Д.І Волкавай і М.М.Герасімава
Як мастак Аляксандр Карпан сфармаваўся напачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя, абраўшы ў якасці асноўных творчых арыенціраў прынцыпы рэалістычнага, фігуратыўнага жывапісу і пачуццё гармоніі. Здаецца, ніколі ў жыцці ён не імкнуўся пераймаць чужыя манеры пісьма, быў шчыры, але пры тым, з асаблівай павагай адносіўся да самых розных стыляў, эксперыментаў, шматграннага сусветнага мастацкага вопыту. Пры ўсёй сур’ёзнасці стаўлення да мастацтва ён пісаў свае акварэлі неяк надзвычай лёгка. Здавалася, што неутаймаваная стыхія адной з найбольш складаных тэхнік жывапісу была для яго зразумелай і цалкам яму падуладнай. Аднолькава таленавіта А. Карпан працаваў у розных жанрах, хоць і аддаваў перавагу нацюрморту, пейзажу і партрэту. Творы мастака адрозніваюць падкрэсленая глыбіня вобразнасці, высокае майстэрства выканання і, канешне ж, непаўторна індывідуальная стылістыка.
Пачынаючы з 1979 года Аляксандр Карпан, з’яўляўся актыўным удзельнікам абласных, рэспубліканскіх, усесаюзных і міжнародных выстаў, міжнародных і рэспубліканскіх пленэраў, прысвечаных І. Хруцкаму, С. Заранку, Я. Драздовічу, І. Сікоры, В. Быкаву і Р. Барадуліну. За апошнія два дзесяцігоддзя А. Карпан атрымаў прызнанне і найвышэйшыя адзнакі прафесіяналаў і гледачоў на буйных міжнародных акварэльных біенале ў Каўнасе (Літва), Шэньжэне (КНР), Санкт-Пецярбургу і Петразаводску (Расія), Віцебску і Полацку (Беларусь). Мастак неаднаразова праводзіў майстар-класы ў Віцебску, Мінску, у Цэнтры Марка Ротка ў г. Даўгаўпілсе (Латвія), у онлайн прасторы.
За гады сваёй працы на кафедры выяўленчага мастацтва Аляксандр Карпан падрыхтаваў вялікую колькасць вучняў, многія з якіх сталі яркімі творчымі індывідуальнасцямі і сёння вядомыя не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.
Творчасць А. Карпана адзначана граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, граматамі Беларускага саюза мастакоў, ён неаднаразова ўзнагароджваўся дыпломамі і ганараваўся званнем лаўрэата на міжнародных выставах-конкурсах акварэлі. Мастак узнагароджаны юбілейным медалем Таварыства акварэлістаў Санкт-Пецярбурга. Сярод апошніх дасягненняў мастака – прэмія гарадской думы горада Ліепая, атрыманая ім літаральна за месяц да смерці па выніках удзелу ў міжнародным пленэры «Ліепайская марына-2016».
Творы Аляксандра Карпана захоўваюцца ў зборах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Полацкага гісторыка — архітэктурнага музея-запаведніка, віцебскага мастацкага музея, аддзела культуры г. Нінбурга (Германія), аддзела культуры г. Вецлара (Германія), Саюза мастакоў г. Брэмена (Германія), Таварыства беларуска-нямецкага сяброўства г. Куксхафэна (Германія), а таксама ў прыватных калекцыях ў Аўстрыі, Англіі, Беларусі, Бельгіі, Германіі, Грэцыі, ЗША, Ізраілі, Італіі, Ірландыі, Канадзе, Кітаі, Латвіі, Польшчы, Расіі, Украіне, Францыі, Чэхіі і Эстоніі.
Адкрыццё выставы акварэляў Аляксандра Карпана адбудзецца 3 лістапада а 16-й гадзіне ў выставачнай зале на Белабародава, 5. Выстава будзе працаваць да 10 снежня.

Міхась Цыбульскі, кандыдат мастацтвазнаўства, куратар выставы

Выстава “Аляксандр Карпан. Adagio. Акварэль. Да 70-годдзя з дня нараджэння мастака”

 

Русский