Выстава «Далiна Руж» з’яўляецца вынікам творчых фотапленэраў, якія расцягнуліся на некалькі гадоў, і па ліку будзе трэцяй; у далёкім 1988 годзе адбылася першая фотавыстава, другая – у 2008 годзе, з розніцай у 20 гадоў. Ружаны – менавіта так называецца маленькі горад, які знаходзіцца ў Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці. Месца мае багатую гісторыю і ўнікальную архітэктуру. Першая згадка яго сустракаецца ў старых гістарычных летапісах каля
1490 года. Ключавой славутасцю горада Ружаны, дзякуючы чаму гэты горад і атрымаў такую шырокую вядомасць, з’яўляецца палацавы комплекс Сапегаў –цэнтральная рэзідэнцыя аднаго з найбагацейшых магнацкіх родаў нашай краіны. Палац быў пабудаваны ў 1602 годзе канцлерам ВКЛ Львом Сапегам. Вельмі добра ўмацаваны ў тыя часы, ён мог цалкам быць ахарактарызаваны як замак. У другой палове XVIII стагоддзя яго перабудавалі. Падчас Першай сусветнай вайны здарыўся моцны пажар, частка сцен палаца абвалілася. У міжваенны перыяд прадпрымаліся спробы аднаўлення, але Другая сусветная вайна пагоршыла сітуацыю. У 2008 годзе на тэрыторыі комплексу былі распачаты раскопкі і рэстаўрацыя. Цікавасць да Ружанаў не вычэрпваецца адным толькі палацавым комплексам. Тут ёсць і іншыя архітэктурныя славутасці. Адной з іх з’яўляецца царква святых Пятра і Паўла (у цяперашні час функцыянуе), якая раней уваходзіла ў склад уніяцкага манастыра. Храм быў пабудаваны ў 1778 годзе. Аўтарам праекта з’яўляецца саксонскі архітэктар Ян Самуэль Бэкер.Фатографы не маглі пакінуць па-за ўвагай і іншае тварэнне Яна Бэкера –каталіцкі касцёл святога Казіміра, заснаваны ў 1792 годзе. Будаўніцтва яго было звязана з мошчамі святога Казіміра, якія з сярэдзіны XVII стагоддзя захоўваліся ў ружанскіх уладаннях Сапегаў. Святы Казімір – афіцыйны заступнік горада, аб чым сведчыць і герб Ружан.
Шмат легенд і адкрыццяў тоіць у сабе гэты маленькі, але багаты на спадчыну гарадок Ружаны. Даўняя легенда аб падземнай дарозе, якая вядзе ў іншы горад, бударажыла фантазію ўдзельнікаў экспедыцыі, але яны так яе і не знайшлі. Няма нічога больш цікавага і захапляльнага, чым вандроўкі і новыя адкрыцці. Кожны куток нашай краіны тоіць у сабе вялікую гісторыю.

УДЗЕЛЬНІКІ ВЫСТАВЫ «ДАЛІНА РУЖ»
Аленка Данброва – фатограф, сябра двух творчых саюзаў: грамадскага аб’яднання фатографаў (БГАФ) РБ, саюза дызайнераў РБ, сябра Народнага фота-клуба «МІНСК», удзельнік міжнародных фотасалонаў і выставак. Работы знаходзяцца ў пасольстве Італіі ў Беларусі, музей Заіра Азгура РБ, Нацыянальны Цэнтр Сучасных Мастацтваў РБ, музей гісторыі друку і фатаграфіі — Гомель; у прыватных калекцыях: Польшча, Беларусь, Германія.
Галіна Ламака — прафесійны фатограф, сябра Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў, сябра Народнага фота-клуба «МІНСК». Публікацыі фотарэпартажаў у розных выдавецтвах.
Дзяніс Співак — фатограф, саўладальнік крафтавай пякарні і кафэ. Фатаграфіяй пачаў захапляцца яшчэ ў дзяцінстве, дадзены момант хобі перарасло ў нешта большае, чым проста захапленне.
Сяргей Кулагін — фатограф, сябра Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў (БГАФ), выкладчык. Плёнкавай фатаграфіяй пачаў захапляцца яшчэ ў школе. Арганізатар міжнародных фестываляў, выставак пінхол фатаграфій.
Гараўскі Яўген — Фатограф-аматар. Сябра Народнага фота-клуба «Мінск», сябра Беларускага Грамадскага Аб’яднання Фатографаў. Па выніках Рэспубліканскага конкурсу «Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва» ўвайшоў у 10-ку ўдзельнікаў «Трыенале сучаснага мастацтва».
Уладзімір Пехцераў — журналіст, сябра Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў (БГАФ), удзельнік калектыўных выставак.
Віталь Ціхаміраў – фатограф (спецыялізацыя фотарэпартаж), сябра Народнага фота-клуба «МІНСК».
Уладзімір Суцягін — сябра Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў (БГАФ), нарадзіўся ў 1955 годзе ў Ніжнім Ноўгарадзе. У школьныя гады сур’ёзна захапіўся фатаграфіяй. Скончыў фатаграфічную вучэльню. З 1980 г. жыве ў Менску. Трыццаць гадоў адпрацаваў у галіне рэстаўрацыі. За гэты час замак у Ружанах стаў для фатографа адным з найбольш рамантычных аб’ектаў. Удзельнік шматлікіх персанальных выставак у Рэспубліцы Беларусь і іншых краінах.
Выстава працуе ў выставачнай зале на Фрунзэ, 11.

Выстава "Далiна Руж"

Русский