Вядомы беларускі мастак Алег Арлоў у сучаснай культурнай прасторы Віцебска застаецца амаль невядомым. Дадзеная выстава – маленькі крок да адкрыцця велічыні творчай асобы Алега Арлова і вызначэння яго месца як мастака і педагога ў развіцці Віцебскай мастацкай школы другой паловы ХХ стагоддзя.
Жыццё і творчасць мастака практычна не даследаваны. У дачыненні да асобы выдатнага жывапісца і педагога гэта праблема сёння здаецца малавырашальнай, бо згублена літаральна ўся жывапісная спадчына гэтага мастака. З досыць вялікай колькасці работ, якія былі напісаны Алегам Арловым, захаваліся адзінкі. Ён быў даволі сціплым, замкнёным, пагружаным у сябе чалавекам, таму і сяброў, людзей, якія б маглі расказаць аб ім, вельмі мала. І разам з тым гэта была цікавая і неардынарная асоба творцы і педагога.ВЫСТАВА ГРАФІКІ АЛЕГА АРЛОВА
Алег Арлоў нарадзіўся 18 ліпеня 1934 года ў в. Старасакольнікі Новасакольніцкага раёна Пскоўскай вобласці у сям’і рабочых. Пасля заканчэння ў 1950-м годзе сямі класаў ён разам з бацькамі пераязджае ў Рыгу. У 1950 годзе паступае ў мастацка-рамесніцкае вучылішча № 17. З 1950 па 1952 год вучыцца ў Рыжскім мастацка-рамесніцкім вучылішчы, а потым вырашае паступаць ў Рыжскае вучылішча прыкладнога мастацтва. Тры гады вучобы ў гэтай установе на мастацка-педагагічным факультэце (1953–1955) плаўна перацякаюць у вучобу ў Рыжскім мастацкім вучылішчы імя Яна Разэнталя (1955–1958). У 1958 годзе скончыў Рыжскае мастацкае вучылішча імя Яна Разэнталя, атрымаўшы спецыяльнасць настаўніка чарчэння і малявання. Пасля заканчэння вучылішча амаль два гады працаваў маляром 5-га разрада на электратэхнічным заводзе “ВЭФ”. Ў пачатку 1960 года мастак пераехаў у Мінск, дзе ўладкаваўся на працу настаўнікам малявання і чарчэння ў СШ № 18. У гэтым жа годзе паступіў на вячэрняе аддзяленне факультэта жывапісу ў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Вучобу спалучаў з працай у школе. У 1966 годзе пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута па накіраванні прыехаў ў Віцебск працаваць у педагагічны інстытут і прысвяціў выкладчыцкай працы ўсё сваё жыццё, працуючы на факультэце Віцебскага педінстытута з 1966 па 1994 год. У Саюз мастакоў Алег Арлоў трапіў ў 1984 годзе.
Вандроўкі, разнастайныя паездкі па Палессю, Літве, у Ленінград, Пскоў, Рыгу натхнялі мастака на творчасць. Па ўспамінам Анатоля Чміля, “у майстэрню да сябе Алег запрашаў не часта, паказваў няшмат, нібыта да нечага рыхтаваўся. Аднойчы падыйшоў да мяне і так хітра, таямніча запрасіў у майстэрню. Перадаць уражанні ад убачанага не спрабую – гэта было ўзрушэнне: ён паказаў мне, здаецца ўсё, ці амаль усё: і старыя, і новыя творы. Гэта быў ЖЫВАПІС!!! А Алег даставаў усё новыя і новыя палотны. Мы маўчалі, і я зразумеў: ён спавядаўся не мне, а свайму прызванню…”. Хвароба, якая напаткала Алега Арлова, была цяжкай і невылечнай: пухліна мозга. Зямны шлях мастака завяршыўся 22 красавіка 1995 года ў Віцебску.
Усё жыццё Алега Арлова было прысвечана творчасці і мастацтву. Удзельнікам мастацкіх выстаў ён стаў з 1966 году – часу заканчэння мастацкай установы. Адна з першых адказных для яго – Першая справаздачная выстава твораў мастакоў-педагогаў Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С.М. Кірава адбылася ў 1967 годзе. Сярод твораў жывапісу, якія займалі цэнтральнае месца на дадзенай выставе, яго работы вылучаліся ўпэўненай мадэліроўкай формы, лаканічнасцю вобразаў, экспрэсіяй, неардынарнасцю жывапісных прыёмаў. Адметнымі былі своеасаблівае каларыстычнае бачанне рэальнасці, дынамічная манера пісьма, эмацыйная выразнасць і эксперыментальны характар яго твораў. Аўтарская манера, безумоўна, вылучала гэтага маладога мастака на фоне існуючай тут жывапіснай школы. Яго палотны выглядалі даволі свабоднымі і, нягледзячы на невялікія памеры, манументальнымі і кампазіцыйна завершанымі. Гэта датычыцца і эскізаў, напісаных мастаком карцін “Канцлагер” і “Клятва байцоў”.ВЫСТАВА ГРАФІКІ АЛЕГА АРЛОВА
Сярод твораў 1960–1970-х гадоў захавалася інфармацыя пра пейзажы Алега Арлова, сярод якіх: “Разбураны горад” (1960), “Восень” (1967), “Лучоса” (1970), “Каток у Віцебску” (1970), “Віцебшчына – азёрны край” (1979). Вядомыя і партрэты – “Партрэт маці” (1967), “Аўтапартрэт” (1970), і тэматычныя кампазіцыі “Вялікая Айчынная вайна 1941–1945”, “Віцебшчына гераічная і працоўная” (абедзве – 1968), “Памяць маці” (1974). Сярод вядомых твораў 1980 – пачатку 1990-х “Стары замак” (1980), “Зіма ў Здраўнёве” (1985), “Плошча Перамогі” (1990), “Рыга” (1993), “Стары Полацк” (1993); партрэты мастакоў А. Салаўёва, А. Мемуса (абодва – 1980); “Вызваленне вязняў фашызму” (трыпціх), “Прысвячаецца У. Высоцкаму” (1984); нацюрморты і іншыя творы.
Трэба адзначыць, што у сярэдзіне 1980-ых гадоў у мастацкай прасторы Віцебшчыны з’яўляецца нефармальная творчая група “Аса” трох віцебскіх мастакоў, якія даўно знаёмыя і добра ведаюць адзін аднаго: гэта Алег Арлоў, Леанід Анцімонаў і Аляксандр Салаўеў. Трох мастакоў аб’ядноўвала фанатычная любоў да мастацтва, ракурс бачання яго глабальных задач, апантанасць да творчасці і эксперыментаў. Сярод трох сябраў Аляксандр Салаўёў карыстаўся ці не найвялікшым аўтарытэтам. Многія лічаць, што з прыездам Салаўёва у Віцебск у сярэдзіне 1960-х тут зарадзілася новая хваля авангарда. Не выпадкова і Алег Арлоў, як важную падзею ў сваім жыцці, адзначаў нават простыя сустрэчы з Салаўёвым і сумесныя абмеркаванні работ.
Пасведчаннем гэтых цесных адносін паміж мастакамі з’яўляецца і тое, што менавіта ў майстэрні Аляксандра Салаўёва былі захаваныя графічныя лісты з малюнкамі і эскізамі Алега Арлова. Гэтыя работы сумесна са сваёй мастацкай спадчынай Салаўёў завяшчаў Віцебскаму цэнтру сучаснага мастацтва і якія ўпершыню экспануюцца на дадзенай выставе. Вельмі сімвалічным з’яўляецца і тое, што адначасова ў выставачнай зале на вул. Белабародава, 5 праходзіць выстава жывапісу і графікі Аляксандра Салаўёва, таксама прысвечаная ваеннай тэматыцы ў яго мастацтве.

Міхась Цыбульскі
кандыдат мастацтвазнаўства, крытык, мастак-жывапісец, сябра БСМ,
галоўны рэдактар часопіса “Мастацтва і культура”

 

Русский