7 верасня 2021 года ў выставачнай зале Віцебскага мастацкага музея і Арт-прасторы, Талстога, 7  Беларускі саюз мастакоў прадставіў рэспубліканскую выставу мастацкага тэкстылю “Мроі-крылы”.

Ва ўсе часы мастакоў натхняла тэма роднага краю. Беларусь заўсёды славілася непаўторнай прыродай кожнага свайго куточка, рэкамі, азёрамі, нябёсамі і, вядома, крылатымі птахамі, якія лунаюць ў вольным палёце над усёй гэтай прыгажосцю. Аўтары праекту «Мроі – Крылы» прапанавалі мастакам магчымасць узвысіцца над простай рэальнасцю, адлюстраваць свае мары і фантазіі ў вобразных рашэннях сваіх творчых работ, узяўшы за аснову сімвалізм птушкі, палёту або вобразна перадаць саму мару аб палёце.Выстава мастацкага тэкстылю «Мроі – крылы»

Крылатыя свабодныя птахі заўсёды суправаджалі чалавека па жыцці. У традыцыйнай культуры беларусаў ў птушак існаваў агульнапрыняты мастацка-паэтычны вобраз, пад якім разумеліся вятры, аблокі, святло. Птушкі, дзякуючы свайму незвычайна дзівоснаму выгляду і своеасаблівым звычкам, услаўлены ў мностве беларускіх паданняў, міфаў і легенд. У Беларусі з даўніх часоў лічылася, што птушкі, як першыя веснікі вясны, прыносяць яе на сваіх крылах, вяртаючыся пасля зімоўкі дадому.

У экспазіцыі выставы было прадстаўлена больш за 20 работ 17 мастакоў, сярод якіх як прафесійныя мастакі з Мінска, Гомеля, Віцебска, Полацка і іншых гарадоў Беларусі, так і маладыя мастакі і студэнты старэйшых курсаў беларускіх ВНУ.

Тэрміны працы выставы: 7 верасня — 3 кастрычніка 2021 года.

Аўтары и куратары праекта: Ала Непачаловіч, Алена Обадава, Вольга Рэднікіна, Наталля Лісоўская.

Русский