13 красавіка ў арт-прасторы “Талстога, 7” разгарнулася выстава Наталлі Парахневіч “Вясна будзе”.

Вось што распавядае мастачка пра сваю новую экспазіцыю: “Мая новая выстава складаецца з тэкстыльных кампазіцый, створаных на працягу некалькіх апошніх гадоў.

Сённяшні час у гісторыі нашай краіны і сусвета, вядома, значна адрозніваецца ад усяго, што было раней. Адбываюцца змены, якія мы пакуль яшчэ не можам асэнсаваць. Знаходзімся ў працэсе, у глыбіні падзей і вірункаў. Я, як мастак, спрабую адшукаць сваю мову стасункаў з вонкавым і ўнутраным светам. Знаходжусь у пастаянным пошуку сэнсаў і гармоніі. Складаны эмацыйны стан адбіваецца на маіх творах. Таму вы бачыце такія кантрастныя і эмацыйна-напружаныя кампазіцыі. Чырвоны колер стаў асноўным у гэтай выставе. Злучэнне чырвонага і белага з’яўляецца важным у беларускай традыцыйнай культуры, якой я прысвяціла сваё жыццё. Вывучэнне беларускага народнага тэкстылю, асваенне ткацкіх тэхнік, працоўная дзейнасць у музеі сталі асновай маіх творчых падыходаў. Мая адасобленасць ад агульных прафесійных мастацкіх кірункаў праяўляецца ў некаторай прастаце і наўпроставасці мастацкіх выказванняў.

На маёй выставе творы можна падзяліць на тры ўмоўныя плыні. Першая – гэта тэматычнае выказванне. Глядач можа прачытать у работах закладзеныя ідэі, мае погляды, адчуць эмоцыі, скласці свае адносіны да пэўных падзеяў ці з’яў. Другая – гэта цікавая гульня ў колеры, фактуру і форму. Найбольш лёгкая частка, у якой я атрымліваю задавальненне ад гэтай гульні, своеасаблівая арт-тэрапія ўласна для мяне. Калі вочы гледача таксама здолеюць адпачыць на гэтых творах, буду лічыць дасягнутай сваю мэту. Трэцяя плынь – экалагічная, выкарыстанне другасных матэрыялаў для стварэння арт-аб’ектаў. На сённяшні дзень вельмі папулярная тэма ў свеце, што мае сваё адлюстраванне і ў беларускім тэкстыльным мастацтве.

Вядома, усе гэтыя плыні могуць з’ядноўвацца, пераплятацца ў адным творы.Выстава Наталлі Парахневіч “Вясна будзе”

Хачу адзначыць, што ў маёй творчасці галоўны матыватар для мяне – мая свабода. Свабоду цяжка адшукаць у паўсядзённасці. Соцыўм дыктуе нам правілы жыцця, неабходнасць падпарадкоўвацца абставінам, на якія мы не маем уплыву. Мастацтва для мяне – тэрыторыя свободы”.

Наталля Парахневіч скончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута. З 2003 года працуе кіраўніком народнага клуба майстроў народнай творчасці і самадзейных мастакоў “Ля возера” пры Браслаўскім музеі традыцыйнай культуры.

Захапляецца народным мастацтвам. Спрабавала сябе ў вышыўцы, габелене, батыку, вязанні. Асвоіла шматлікія традыцыйныя тэхнікі, у тым ліку ткацтва на кроснах, ткацтва і пляценне паясоў, дэкаратыўнае вязанне кручком, выраб пісанкі і г.д.

Скарыстоўвае традыцыйныя тэхнікі для стварэння аўтарскіх тэкстыльных кампазіцый. Брала ўдзел у праектах “Вернісаж “Браслаўскія зоры”, “Чырвонае і чорнае. Італьянскі экзерсіс” і  “Вокны Мінска”.

Асабістая выстава “Колеры натхнення” была паказана ў Беларусі ў Браславе і Паставах, а таксама ў Латвіі ў Краславе і Наўене.

Асабістая выстава “Арт-тэкстыль” раней дэманстравалася ў Віцебску ў арт-прасторы “Талстога, 7”.

Русский