+375 212 68-01-25 vcsi@vitebskavangard.by

У выставачнай зале на Белабародава, 5 пачаў працаваць аўтарскі праект “Цягнік часу“ Валянціны Ляховіч прымеркаваны да яе 80-годдзя, які носіць рэтраспектыўны характар. Вобраз цягніка ўзяты мастачкай з каробкі цукерак, якую падаравалі ёй ў дзяцінстве бацькі – ім і прысвячаецца выстава. Метафара “Цягнік часу” дае ключ для разумення ўсяго творчага шляху асобы. Разам з тым, гэта назва калажа, дзе праз невялікія сюжэтныя ўклейкі на фоне цягніка мастачка нагадвае асобныя моманты гісторыі мінулага і будучыні, а праз брутальны характар хатніх металічных рэчаў – жорскасць умоў жыцця чалавека.

Валянціна Ляховіч з’яўляецца адным са старэйшых творцаў Віцебскай школы акварэлі і разам з тым нястомным мастаком-эксперыментатарам. Яна смела бярэцца за новыя формы мастацкай практыкі, актыўна працуе з калажом, асамбляжам, інсталяцыяй, спалучае друк, жывапіс, скульптуру, стварае прасторавыя выставачныя праекты.

У сваім пошуку яна прыйшла да пісьма, што сінтэзуе шматразовыя змывы, адбіткі, пацёртасці, зрывы маляўнічай паверхні і калаж. Акварэлі Валянціны Ляховіч набываюць глыбіню і фактуру, якая захоўвае памяць аб раней створаных вобразах накшталт палімпсеста сярэднявечных кодаксаў альбо палеалітычных роспісаў пячор. А ў асамбляжы мастачка выпрацавала сваю аўтарскую тэхналогію асамбляжу, якая заснавана на жаночых рамесных магчымасцях. Яе можна назваць сцяжкай – скарыстанне вяровак для зборкі знойдзеных аб’ектаў ў адно цэлае.

Валянціна Ляховіч кажа: “Мая творчасць – гэта блуканне па невядомых сцежках. Я не баюся памылак. Іду за матэрыялам. Супраціўленне матэрыяла з’яўляецца гарантыяй творчага развіцця, цікавых арыгінальных знаходак”.

 

“Цягнік часу“ Валянціны Ляховіч

Беларуская мова