21 мая 2025 года ў выставачнай зале імя А.А. Салаўёва “Музея сучаснага мастацтва” (вул. Генерала Белабародава,5) пачала работу выстава «Сябравалі тры мастакі», прымеркаваная да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
У экспазіцыі прадстаўлены жывапісныя і графічныя творы Аляксандра Аляксандравіча Салаўёва (1926 – 2021), Алега Рыгоравіча Арлова (1934 – 1995) і Леаніда Сяргеевіча Анцімонава (1934 – 2012). Іх сяброўства і супрацоўніцтва склалася ў 1960-70-х гг. У гісторыю мастацкага жыцця Віцебска яны ўвайшлі як першае нефармальнае аб’яднанне без маніфестаў і дэкларацый, але з глыбокім разуменнем і блізкасцю эстэтычных установак. Сярод студэнцкай моладзі і творчай інтэлігенцыі іх група атрымала назву «АСА», у адпаведнасці з першымі літарамі прозвішчаў.
Творчыя здзяйсненні мастакоў адыгралі вызначальную ролю ў станаўленні і развіцці мастацтва постмадэрнізма ў віцебскім мастацкім жыцці.
Урачыстая прэзентацыя выставы адбудзецца 26 чэрвеня 2025 года.
Выстава будзе працаваць да 14 верасня 2025 г.