28 красавіка 2023 г. а 17 гадзіне ў Арт-прасторы “Талстога, 7” адкрылася выстава выцінанкі Наталлі Каньковай.
Наталля Канькова – сябра Беларускага саюза майстроў народнай творчасці і грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз мастакоў”. Працуе ў галіне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (мастацкі тэкстыль, выцінанка).
Выцінанка з’яўляецца адным з традыцыйных відаў беларускай народнай творчасці. Аўтар творча пераасэнсоўвае гэты від народнага мастацтва праз прызму свайго бачання на сучасным этапе.
На выставе “ЭТНА&КА” прадэманстраваны праект, які ўключае ў сябе працы з некалькіх серый з 2014 па 2023 гг. Наталля Канькова эксперыментуе з памерам выцінанкі (ад класічнага да вельмі вялікага), матэрыялам, роляй размяшчэння ў прасторы і сэнсавай нагрузкай. Любімыя тэмы аўтара – раслінныя матывы, Дрэва Жыцця, птушкі. Апошнія прадстаўлены серыямі “Залатая восеньская казка”, “Поўнач Белай Русі”, “Дрэва Жыцця” і інш. Арнаментальныя матывы гэтых серый у сваёй каляровай гаме стылістычна адлюстроўваюць асаблівасці віцебскага рэгіёну.
Наталля Канькова – актыўны ўдзельнік міжнародных сімпозіумаў і канферэнцый, персанальных і калектыўных выстаў. Яе работы знаходзяцца ў музеях і прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Украіны, Румыніі, Перу, Літвы, Латвіі.

Выстава будзе працаваць да 18 чэрвеня 2023 г.

“ЭТНА&КА” Наталлі Каньковай

Беларуская мова