11 верасня ў Музеі гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча адбылося адкрыццё выставы «Аляксандр Салаўёў. У плыні часу», прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння аднаго са знакавых мастакоў беларускага выяўленчага мастацтва, сцэнографа і жывапісца Аляксандра Салаўёва (1926–2021).
Мастак арадзіўся 13 верасня 1926 у вёсцы Салані на тэрыторыі сучаснай Ленінградскай вобласці.
Семнаццацігадовым юнаком браў удзел у партызанскім руху, а з 1944 ваяваў у складзе дзейснай арміі на тэрыторыі Прыбалтыкі і на Карэльскім перашыйку.
Скончыў Ленінградскае Вышэйшае мастацка-прамысловае вучылішча імя В.І. Мухінай (1957), Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1965).
З 1965 па 1997 годы творчы лёс А. Салаўёва быў звязаны з Беларускім акадэмічным драматычным тэатрам імя Якуба Коласа, дзе ён прайшоў шлях ад мастака-пастаноўшчыка да галоўнага мастака, аформіў звыш 150 спектакляў беларускай і сусветнай класікі.
Сябра Саюза мастакоў СССР (1966), старшыня праўлення Віцебскай абласной арганізацыі Саюза мастакоў БССР (1972–1976).
Узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны, Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1982), кавалер ордэна Францыска Скарыны (2017).
Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку, Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, Музеі Марка Шагала ў Віцебску, музеі «Zimmerly Art» у Нью-Брансуіке (ЗША), а таксама ў прыватных калекцыях.
Мастак звяртаецца да вечнага і актуальнага: тэм памяці, вайны і трагедыі, жанчыны як увасаблення жыцця і прыгажосці свету, міфалагічных і архетыпічных вобразаў, краявіду як стану душы. У яго творах рэальнасць паступова вызваляецца ад непасрэднай прадметнасці. Вертыкалі нагадваюць дрэвы, лес, дождж або архітэктуру, але адначасова застаюцца самастойнымі каляровымі структурамі. З узаемадзеяння каляровых плям і рытмаў нараджаюцца неба, вада і паветра. Колер у творах мастака будуе прастору. Так узнікае адметны свет яго жывапісу і графікі – напружаны, энергічны, часам драматычны.
Выстава «Аляксандр Салаўёў. У плыні часу» прысвечана 100-годдзю з дня нараджэння майстра, для якога мастацтва было прасторай пошуку і эксперыменту. Экспазіцыя прэзентуе 50 графічных і жывапісных твораў 1995–2018 гадоў.
