Адна з адметнасцей летняга Віцебска — штогадовы вернісаж мастакоў у гістарычнай частцы горада, ля Ратушы, на вуліцах Суворава і Крылова. Звычайна, вернісаж праходзіць падчас Міжнароднага фестываля мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», калі ў горад з’язджаюцца шмат удзельнікаў і гасцей фестываля. “Віцебскі вернісаж” адбудзецца і сёлета.
Як з’ява вернісаж пачынаўся ў сярэдзіне 90-х, калі купка маладых віцебскіх мастакоў выйшла на вуліцы горада прадаваць свае карціны, а таксама маляваць партрэты віцеблян і гасцей фестываля.
На выставе “Ранішняя кава ля ратушы” ў арт-праcторы “Талстога, 7” будуць прадстаўлены тагачасныя работы мастакоў, якія ў ліку першых былі ўдзельнікамі вернісажа: Алега Захарэвіча, Андрэя Духоўнікава і Сяргея Сотнікава.
У экспазіцыю выставы таксама ўвайшлі фотаздымкі Антона Сцепанішчава, якія дапамагаюць гледачу акунуцца ў атмасферу свята мінулых фестывальных гадоў, калі на віцебскіх вуліцах віраваў яркі натоўп. У аб’ектыў фатографа траплялі будні вернісажа, яскравыя вобразы, падзеі, партрэты.
Выстава будзе працаваць да 18 верасня 2023 года.

 

Выстава “Ранішняя кава ля ратушы”

Беларуская мова